Архідэі і іншыя пярліны Хаваншчыны
Спёка, хочацца ў цянёк, пад лясныя шаты? А нашы спецыялісты могуць упэўнена сказаць: і там таксама горача!
Ім даводзіцца находжваць дзясяткі кіламетраў па гушчарах. Вось паслухайце Вадзіма Пракапчука:
Спім нямнога, ходзім вельмі многа: 15-20 км кожны дзень па лясах, якія могуць быць з заваламі, канавамі, затопленымі ольсамі. Пастрайнелі, пахарашэлі. П’ем шмат вады – яе носім у заплечніку з сабой. Па 3-4 літры. Ёсць маршруты, дзе зранку выйшаў, увечары прыйшоў. Ёсць на некалькі гадзін, тады збіраемся ў прызначаным месцы і пераязджаем на іншы біятоп.
Вось на Хаваншчыне нашаму спецыялісту Юрыю Квачу собіла ўлезці ў такі буралом, што потым давялося даць вялікага кругаля, каб абысці яго. Ды яшчэ ў кампаніі прыставучых камароў:
Я ўжо падумаў набыць капялюш з сеткай, але шукаць у ім расліны нязручна, — расказвае Юрый. — На Хаваншчыне як сядзеш запісваць каардынаты “чырванакніжных” раслін, камары аблепліваюць, у нос, у рот лезуць, а трэба пісаць — і не можаш.
Хаваншчына – гэта тэрыторыя, важная для птушак, у Івацэвіцкім раёне плошчай 17308 га. Яна была вылучана ў свой час для глабальна пагражальнага віду птушак – вялікага арляца (большого подорлика). Тут шмат забалочаных бярэзнікаў і ольсаў.
Прыблізна палова гэтай тэрыторыі мае статус мясцовага заказніка і знаходзіцца пад аховай. Дзякуючы працы нашых спецыялістаў, спадзяёмся, удасца перадаць пад ахову новыя ўчасткі, а магчыма, нават надаць заказніку статус рэспубліканскага і пашырыць яго межы.
Тут Вадзім Пракапчук, Юрый Квач і Юрый Янкевіч знайшлі рэдкія прыгожыя архідэі – венерын чаравічак і тайнік яйцападобны. Пабачылі цэлыя “плантацыі” чарамшы і зубніцы клубняноснай, пра якую мы нядаўна пісалі. Знайшлі месцы, дзе гняздуюць беласпінныя дзятлы, драчы (коростель), чаплі-бугаі (большая выпь). Адшукалі нару барсука і месцы, дзе жывуць балотныя чарапахі і матылёк чорны апалон.
Усяго яны знайшлі тут 267 месцаў з рэдкімі відамі, а таксама рэдкіх і тыповых біятопаў, якія будуць перадавацца пад ахову.
Уражвае? Ты можаш падтрымаць гэтую важную працу!
Набывай абанемент “Дзікі клуб”: увесь прыбытак ідзе на ахову дзікай прыроды Беларусі: ?
А ты атрымліваеш доступ да закрытых лекцый, бонусаў і іншых цікавых магчымасцяў. Be wild!
Барсук Ясь