Баявое арляня: неверагодная гісторыя з Палесся
Сёлета з адным з вялікіх арляцоў здарылася неверагодная гісторыя. Яе можна прыводзіць як прыклад жыццяздольнасці (ці шанцавання?) у самых жорсткіх знешніх абставінах. Піша Валер Дамброўскі.
Вялікі арлец (рус. - большой подорлик) - від, якому пагражае глабальнае знікненне. У Беларусі гняздуецца 120-160 пар. Гэта адна з найвялікшых папуляцый у Еўропе.
Усё пачалося з таго, што падчас планавага маніторынгу арляцоў на Сярэдняй Прыпяці 21 ліпеня ў адным з гнёздаў нечакана было знойдзена зусім маленькае арляня, мо 2-3 дні ад нараджэння.
Натуральна, што калі птушка ў такім узросце, не тое што кальцаваць, але і падыходзіць да дрэва не варта, але хто ж ведаў. Дзмітрый Шамовіч хутка пакінуў гняздо зрабіўшы толькі фота птушаняці. Калі зрабіць зваротны адлік, то прыкладная дата пачатку наседжвання прыходзіцца на 9 чэрвеня!
За ўсю маю больш чым дваццацігадовую практыку вывучэння арляцоў такіх позніх выпадкаў гнездавання яшчэ не было. Дагэтуль найпазнейшы выпадак размнажэння вялікага арляца адзначаны ў 2008 годзе на Альманскіх балотах. Тады самка пачала наседжваць паўторна адкладзенае яйка 30 траўня.
Далучайся да Дзікага клуба ў 2024 годзе!
У пачатку кастрычніка таго ж года мы назіралі ля гэтага гнязда галоднае птушаня, якое пералятала паміж дрэвамі і ўвесь час енчыла, але нічога не атрымлівала, бо яго бацькі ўжо адляцелі ў вырай. Лёс таго птушаняці невядомы, але найбольш верагодна, што яно загінула падчас зімы.
А тут мы атрымалі яшчэ на 10 дзён маладзейшае арляня! Зразумела, што я вельмі хацеў прасачыць за лёсам птушкі, але не рызыкаваў наведваць гняздо, пакуль птушаня малое, каб не справакаваць яго гібель.
Нарэшце ў пачатку верасня прыйшоў час. Станіслаў Верталь наведаў гняздо, паставіў фотапастку і закальцаваў птушаня, якое было ў добрым стане. Але першыя непрыемныя прыгоды ў яго ўжо пачаліся – на гняздо некаторы час назад упала суседняе дрэва. Толькі нейкім цудам птушаня не пацярпела. Далейшыя падзеі мы ведаем ужо з фотапасткі.
Птушаня пачало лятаць 22 верасня ва ўзросце каля 65 дзён. Яно часта вярталася на гняздо, куды часам дарослыя прыносілі ежу. Але роднае гняздо стала і смяротнай небяспекай, калі праз тыдзень на ім замест бацькоў нечакана з’явіўся… дарослы арлан-белахвост. Гартаючы фота далей, я не мог даць веры сваім вачам. Вось малады арлец пікіруе на гняздо проста да арлана нібыта з патрабаваннем ежы. А вось дзіва дзіўнае – арлан уцякае ад арляца! Верагодна, арлан не чакаў такой нахабнасці і вельмі разгубіўся.
Далей яшчэ больш дзіўна. Праз 10 хвілін арлан ачуняў і зноўку паспарабаваў “захапіць” гняздо. Здавалася б, што зараз ён увап’ецца сваімі моцнымі кіпцюрамі ў арляца — і таму канец. Але арлец ізноў атакуе арлана, і той… ізноў адступае. Неверагодна!
Раней я бачыў некалькі разоў, як арлан выхоплівае з гнязда даволі буйных арлянят ды нясе прэч без аніякіх праблем. А тут такое! Два разы запар адбіцца ад драпежніка, які ў тры разы буйнейшы за цябе, — гэта вельмі крута нават для дарослага арляца, не гаворачы пра птушаня.
Праз яшчэ 6 хвілін арлан зрабіў апошнюю атаку на гняздо і, здаецца, амаль схапіў арляца. Але не, на шчасце, толькі здалося. Арлец удала выслізнуў з жахлівых капцюроў.
Далей мы бачым, як малады арлец спакойна начуе ў сваім гняздзе. Арлан больш не з’яўляўся.
Бацькі гадавалі малога аж да 9 кастрычніка, а потым усё сямейства разам зляцела. Вельмі паспрыяла незвычайна цёплае восеньскае надвор’е, праз якое значная частка арляцоў сёлета спазнілася з пачаткам міграцыі амаль на 2 тыдні.
Як пачалася рэкордна позняя міграцыя нашых вялікіх арляцоў?
Вядома, маладому арляцу прыйдзецца цяжка падчас міграцыі. Малавата часу было, каб навучыцца добра здабываць сабе ежу. Але я амаль упэўнены, што птушка, якой шмат у чым ужо пашанцавала, якая так мужна ды ўдала адбівалася ад арлана, здолее таксама перажыць усе далейшыя нягоды і вернецца наступнай вясной да свайго роднага Палесся.
Падары блізкаму чалавеку наш бестсэлер — вызначальнік птушак Беларусі!