Галубіцкая пушча: дыскатэка сонь у мядзведжым лесе

У ліпені нашы брэсцкія спецыялісты Вадзім Пракапчук і Юрый Янкевіч на тыдзень выправіліся на Віцебшчыну, у Галубіцкую пушчу. Кожная экспедыцыя – гэта не толькі новыя месцы з рэдкімі відамі, але і сапраўдныя прыгоды!

Галубіцкая пушча
Галубіцкая пушча. Фота Вадзіма Пракапчука

У пушчы Вадзім і Юрый паўсюль сустракалі сляды, задзіры на ствалах, памёт мядзведзяў. Шумелі, пляскалі ў далоні, каб пазбегнуць сустрэчы. Каля Юрыя мядзведзь хадзіў ціхенечка па коле. Але на вочы гэтыя асцярожныя звяры не паказваліся.

Буры мядзведзь – чырванакніжны від, але пад ахову бярэцца толькі месца, дзе рэгулярна ўладкоўваюцца бярлогі.

Пушча была багатая і на ласёў, аленяў і іншых жывёл.

Мы бачылі сляды рысяў, ваўкоў, барсукоў, памёт гэтага ўсяго, — бадзёра расказвае Вадзім і дадае: — а яшчэ змей, кляшчоў, камароў, сляпнёў!

Галубіцкая пушча. Фота Вадзіма Пракапчука
Галубіцкая пушча. Фота Вадзіма Пракапчука

І гэта не самыя суровыя жывёлы, з кім хлопцам давялося ўступіць у кантакт. Падчас экспедыцыі ім спатрэбілася пераначаваць у лесе…

Пасярод пушчы няма цывілізаванага месца прыпынку, сядзіб, гатэляў паблізу няма, — пачынае здалёк Вадзім. — Такі леса-балотны вялікі масіў, дзе няшмат дарог і ўвогуле цывілізацыі. Але нам падказалі, што ў адным месцы прама ў лесе, дзе ходзяць мядзведзі, такі домік стаіць. Мы выправіліся туды. Гэта быў аднапакаёвы домік без вокнаў – добра што плёнкай былі забітыя праёмы. І дзверы на маленькім іржавым цвіку. Ад  мядзведзя гэта не ўратуе, але нам хацелася пераначаваць. Толькі селі вячэраць — пачалі бегаць лясныя соні.

І я Юру расказаў, як у маім дзяцінстве мой дзед вартаваў сельгастэхніку ў лесе на Палессі, і там таксама была невялічкая хатка, дзе я шмат разоў начаваў з ім. Дык у тым дамку таксама жылі соні, але соні-палчкі. І зараз я, як толькі пабачыў гэтую лясную соню, кажу – ну ўсё, Юра, сёння ў нас будзе дыскатэка! Ён пытае – чаму? Я кажу – пабачыш, яны будуць бегаць па сценах, па нас, па нашых рэчах — паўсюль. Ён пасміхнуўся. Кажу — не будзем класціся на падлогу, таму што яны проста нас затопчуць. Там былі нары, мы на іх паклаліся ў спальніках. І ўсё было, як я казаў: яны грукаталі, бегалі, адна падбегла прама да майго твару, выпучыла вочкі, глядзіць на мяне. Я на яе дзьмухнуў, кажу — ідзі адсюль. І па Юру бегалі, і па мне бегалі. Нашы пакеты, усе рэчы праверылі. Па кампутары, па тэлефонах, паўсюль яны бегалі, пакуль сонца высока не ўзнялося.

Якія цікавыя рэдкасці Вадзім і Юрый знайшлі ў Галубіцкай пушчы? Вось толькі некаторыя.

Бяроза нізкая. Фота Юрыя Янкевіча

Юрый адшукаў рэдкую архідэю — пальчатакарэннік жаўтавата-белы, а таксама бярозу нізкую. Вадзіму ўдалося ў месцы, дзе было шмат ветравалу, сустрэць жука рагачыка сціплага. Таксама пашчасціла знайсці гняздо скапы з двума птушанятамі.

Я прыйшоў, калі яны наважваліся, ляцець ці не, — кажа Вадзім. — Пабачыўшы мяне, яны зрабілі першы няўклюдны ўздым, паляцелі.

Усяго Юрый і Вадзім знайшлі тут 136 тыповых біятопаў і месцаў з рэдкімі відамі, якія будуць перадавацца пад ахову.

Рагачык сціплы. Фота Вадзіма Пракапчука

Галубіцкая пушча – гэта тэрыторыя, важная для птушак (ТВП), у Глыбоцкім і Докшыцкім раёнах плошчай амаль 21.000 га. Яна была вылучана ў свой час акурат для скапы. Толькі траціна гэтай тэрыторыі мае статус мясцовага заказніка і знаходзіцца пад аховай.

Але торфараспрацоўкі, якія вядуцца ў пушчы з 1970-х гадоў, могуць цалкам знішчыць увесь прыродны комплекс “Галубіцкая пушча” з яго верхавымі балотамі. А яшчэ негатыўна ўплываюць на раку Бярэзіну і на Бярэзінскі біясферны запаведнік, які мяжуе з пушчай.

Галубіцкая пушча. Фота Вадзіма Пракапчука
Галубіцкая пушча. Фота Вадзіма Пракапчука

Нашы партнёры з сектара запаведнай справы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі папрасілі абследаваць не толькі заказнік і ТВП, але і пахадзіць крыху шырэй, каб разумець, ці будзе магчымасць пашырэння межаў заказніка.

Мы пахадзілі і на поўначы, і на поўдні, знайшлі яшчэ шмат чырванакніжнікаў за межамі заказніка, — кажа Вадзім.

Спадзяёмся, гэтая праца дапаможа перадаць пад ахову новыя ўчасткі і павялічыць плошчу заказніка.

Хочаш падтрымаць гэту працу? Далучайся да “Дзікага клуба”: https://birdingbelarus.by/dikiyklub

Людзі – для дзікай прыроды, дзікая прырода – для людзей!

Даведка: 10 снежня 1998 года ў пойме ракі Бярэзіны ў Докшыцкім і Глыбоцкім раёнах Віцебскай вобласці быў заснаваны ландшафтна-гідралагічны заказнік «Галубіцкая пушча» памерам 6734 га. У 2014 годзе яго плошча зменшана да 6169 га.
У 2016 годзе заказнік быў уключаны ў Сусветны спіс водна-балотных угоддзяў міжнароднага значэння.
На хутары Пунькі ў Галубіцкай пушчы нарадзіўся жывапісец Язэп Драздовіч, тут знаходзіцца ягоная магіла.
ТВП мяжуе з Бярэзінскім біясферным запаведнікам.
Галубіцкая пушча адносіцца да вярхоўяў ракі Бярэзіны, якая з’яўляецца асноўнай воднай артэрыяй заказніка. Даўжыня ракі ў межах ТВП — 40 кіламетраў. Рэчышча яе вельмі звілістае і часта разгалінаванае, багатае пратокамі і невялікімі пясчанымі выспамі, якія затапляюцца падчас паводкі. Рака Бярэзіна на тэрыторыі заказніка працякае праз поймавае возера Медазол. Другое буйное возера — Межужол размешчана сярод сфагнавых балот і звязана з Бярэзінай меліярацыйнымі каналамі і ракой Чэрніцай. Вада гэтага возера характарызуецца нізкай мінералізацыяй і высокай колернасцю. Возера зарастае слаба.
Галоўным фактарам парушэння экалагічнага балансу ў раёне заказніка на працягу апошніх 30 гадоў з’яўляюцца торфараспрацоўкі ў заходняй і часткова ў паўднёва-ўсходняй частках заказніка. У перспектыве плануецца ахапіць распрацоўкамі ўвесь масіў верхавых балот. Гэта прывядзе да поўнага знішчэння прыроднага комплексу «Галубіцкая пушча» і, несумненна, зробіць негатыўны ўплыў на стан ракі Бярэзіны і Бярэзінскага біясфернага запаведніка.
Неабходна пашырыць межы заказніка і спыніць далейшую здабычу торфу.
Інфармацыю аб сучасным стане флоры і фаўны падрыхтавалі У.В. Іваноўскі, Г.П. Пяцько, Б.В. Ямінскі.

Скарбы прыроды Беларусi
Мiнск “Беларусь” 2005