5-6 кастрычніка больш за 24.000 чалавек у 36 краінах Еўропы і Цэнтральнай Азіі, у тым ліку ў Беларусі, паўдзельнічалі ў ХХХII Восеньскіх днях назірання за птушкамі – EuroBirdwatch-2024. Разам яны налічылі больш за 3.500.000 птушак. У Гібралтары ў назіраннях за птушкамі ўдзельнічаў Міністр прыродных рэсурсаў.
Сярод назіранняў былі вельмі цікавыя.
Напрыклад, у Фінляндыі назіралі больш за траціну ўсіх пабачаных падчас EuroBirdwatch птушак – 1.400.000. І з іх 980.000 белашчокіх казарак – фінам пашанцавала назіраць над морам фантастычную міграцыю гэтых гусей.
У Грузіі назіралі масавую міграцыю чорных каршуноў – ужо гэтае відовішча павінна ўражваць! Больш за 2.000 гэтых птушак на пралёце ў Батумі. Побач на поўдзень ляцелі і… сотні стракоз! Гэта былі пералётныя стракозы сціснутабрухі Фонскаломба, якія мігруюць з Еўропы ў Афрыку. Гэты від можна сустрэць і ў нас у Беларусі, але міграцыя тут так не выражана. У Грузіі ж стракозы і птушкі выкарыстоўваюць адзін міграцыйны калідор.
Якія рэдкасці назіралі ў краінах Еўропы?
Пячуравак-зарнічак адзначылі ў Венгрыі і Нідэрландах, караткахвостых паморнікаў у Румыніі, еўрапейскага цювіка ў Сербіі, бурых пячуравак у Швецыі і Фінляндыі, ляснога ібіса ў Турцыі, каменешарку ў Аўстрыі, чырванашыйных коўраў у Беларусі, стрынатак-крошак ў Бельгіі, сокалаў-шулёнкаў у Балгарыі і Бельгіі, падкаменку-пляшанку на Кіпры і шмат іншых.
У Беларусі пад эгідай EuroBirdwatch-2024 прайшоў Восеньскі чэмпіянат па фотабёрдынгу, падчас якога былі сфатаграфаваны зязюля, лескі-чорнагалоўкі, балотны і поплаўны луні, звычайны пагоніч, лясная завірушка і інш.
Міграцыя птушак працягваецца, таму часцей гуляй на прыродзе і ўважліва назірай за небам і наваколлем. Без цікавых назіранняў зараз да хаты не вернешся!
EuroBirdwatch штогод ладзяць партнёры глабальнай асацыяцыі прыродаахоўных арганізацый BirdLife International.