Навіны з дзікіх экспедыцый на поўдні Беларусі!
Летась нашы спецыялісты шукалі невядомыя месцы з чырванакніжнікамі, якія патрэбна аддаць пад ахову дзяржаве. Але сэнс аддаваць усё новыя і новыя месцы пад ахову ёсць толькі тады, калі ахова эфектыўная. Каб даведацца пра стан ахоўных участкаў з чырванакніжнікамі ў гэтым годзе мы падключыліся да маніторынгу такіх участкаў. Ёсць від – добра, няма – знайсці прычыну і вінаватых і дабіцца пакарання.
У канцы красавіка наш спецыяліст Юрый Янкевіч зрабіў вялікую экспедыцыю ў Іванаўскі, Ганцавіцкі і Пінскі раёны. Амаль 10 дзён ён правёў у лясах і на балотах, правяраючы ахоўныя месцы з чырванакніжнікамі.
Юрась дзіка мерз, але гэта яго не спыняла: справа аховы прыроды для яго надзвычай важная. Камароў было столькі, што лезлі ў рот, але Юрась усё адно змог расказаць, як ідуць справы і што ўдалося знайсці.
Амаль усе месцы вырастання чырванакніжных раслін, якія правяраў Юрый, пацвердзіліся. Не пацвердзіліся толькі адзінкавыя ўчасткі, якія перадаваліся пад ахову яшчэ ў 1990-х: за гэты час умовы асяроддзя змяніліся і відавы склад раслін таксама.
А вось з жывёламі сітуацыя адваротная: у большасці правераных месцаў тых чырванакніжных відаў, якія некалі там пражывалі, цяпер не было.
Але прырода засталася некранутай, і ў многіх такіх месцах Юрый знайшоў іншыя чырванакніжныя віды.
Частка правераных месцаў знаходзіцца ў межах заказнікаў “Ярута”, “Завіш’е”, “Ізін” у Пінскім раёне, “Обрава” ў Іванаўскім, “Падвялікі мох” у Ганцавіцкім. Для ўсіх іх Юрый знайшоў і новыя ўчасткі з чырванакніжнікамі.
У выніку для некаторых участкаў рэжым аховы павысіцца.
Усяго Юрый праверыў 71 ахоўны ўчастак і выявіў 49 новых месцаў з чырванакніжнікамі.
Вось што ён расказаў пра новыя месцы з рэдкасцямі ў Іванаўскім раёне:
Знайшоў парэлу пласкалістую – мох такі, рэдка ў нас сустакаецца, на паўднёвым захадзе нават і не ведаю, ці былі месцы, дзе ён расце. Для Іванаўскага раёна гэта дакладна першая такая лакацыя. З іншых відаў – лілея кучаравая, асака ценевая – таксама першае месца для Іванаўскага раёна. Венерын чаравічак пачынае з’яўляцца, новыя тэрыторыі выявіў. Сёння 2 гнязды шэрага жураўля знайшоў на прыгожых балотах.
А ў Ганцавіцкім раёне наш спецыяліст знайшоў новую вялікую папуляцую медуніцы вузкалістай са ста раслін. А яшчэ — вялікія ўстойлівыя папуляцыі лілеі кучаравай на астравах шыракалісцевых лясоў. Бачыў на Ганцавіччыне і барадатую кугакаўку, але, на жаль, гнязда знайсці не атрымалася.
На нізінных балотах Пінскага раёна з самага цікавага – вярба лапландская. У цэлым гэтыя балоты вельмі парадавалі – яны схаваныя глыбока ў лесе і добра захаваліся.
А зараз ён зноў збіраецца ў экспедыцыю. Будзе абследаваць Драгічынскі раён. Большая частка месцаў, якія трэба праверыць — на знакамітым балоце Званцы, яшчэ частка — на Спораўскім. Там ёсць месцы пражывання вяртлявай чаротаўкі, дубальта, расце шмат чырванакніжных раслін. Можа знойдзе і штосьці новае.
Хочаш падтрымаць важную і нялёгкую справу? Далучайся да “Дзікага клуба” – увесь прыбытак ад яго ідзе на ахову прыроды Беларусі.