На Любанскім вадасховішчы ў Мінскай вобласці назіралі сярэдняга паморніка. Яго заўважыў і сфатаграфаваў 7 кастрычніка Мікалай Варабей.
Дагэтуль у Беларусі сярэдняга паморніка адзначалі ўсяго 3 разы: у 1926 годзе ў Віцебскай вобласці, у 1931 і ў 1998 годзе ў Гомельскай вобласці.
Віншуем Мікалая з крутым назіраннем! Вось што ён расказвае пра сустрэчу з паморнікам:
“Паморнікаў я даўно хацеў пабачыць, але нешта не задалося. Яны вельмі часта пералятаюць, амаль заўсёды знаходзяцца ў паветры, і іх цяжка заспець на адным месцы. Але ў гэты раз мне пашчасціла. Я заўважыў птушку ўжо калі яна амаль падляцела да мяне і адразу зразумеў, што гэта паморнік. Праўда, фотаапарат не быў напагатове. Я трошачкі пачакаў, паморнік ізноў з’явіўся – і я зрабіў добры здымак. Птушка дарослая, таму яе было лягчэй вызначыць адразу.”
Сярэдні паморнік буйнейшы за чайку-рыбачку, аднак драбнейшы за чайку-клыгуна. Гняздуецца ён у арктычнай тундры. А зімуе ў адкрытым моры. Гэты паморнік, магчыма, ляцеў ва ўлюблёны паморнікамі Аманскі заліў ці на ўсходняе ўзбярэжжа Афрыкі. Частка птушак не аблятае Еўропу марскім шляхам, а перасякае ў зручным месцы. Таму і любяць яны спыняцца толькі на вялікіх вадаёмах, дзе іх цяжка заўважыць. У Беларусі на пралёце можна сустрэць чатыры віды паморнікаў, але ніводнага віду не назіралі нават 10 разоў.
Зараз ідзе восеньская міграцыя птушак. Выбірайся на птушкаванне часцей. Магчыма, і табе акрамя нашай прыгажосці пашанцуе ўбачыць залётныя рэдкасці.